Рэдакцыя незалежнай грамадзка-палітычнай газэты "НАШ Магілёў"
Рэдакцыя мясцовай незалежнай грамадзка-палітычнай газэты “НАШ Магілёў” была заснавана ў кастрычніку 2006 года. З гэтага моманту было выдадзена 21 нумароў газэты, два зь якіх былі канфіскаваны супрацоўнікамі міліцыі.
Гісторыя існаваньня Магілёўскай дэмакратычнай прэсы
Трэба адзначыць, што на працягу больш чым пяці год інфармацыйнае поле Магілёва было пазбаўлена незалежнай дэмакратычнай прэсы й незалежная інфармацыя да людзей даходзіла толькі праз улётачныя інфармацыйныя акцыі, якія перыядычна праводзіліся дэмакратычнымі сіламі горада. Зразумела, што колькасьць іх павялічвалася перад выбарамі рознага ўзроўня, а пасьля гэтага, людзі зноў пачыналі адчуваць інфармацыйны голад. Таму, першапачатковай мэтай рэдакцыя газэты “НАШ Магілёў” паставіла сабе стварыць перыядычнае незалежнае выданьне, якое б жыхары горада маглі атрымоўваць раз на месяц, бо з-за адсутнасьці сродкаў у рэдакцыі газэта не магла выходзіць часьцей. Зараз газэта выходзіць з перыядычнасьцю два разы на месяц.
Дагэтуль, у Магілёве існавала дзьве незалежныя дэмакратычныя газэты: “Дэ-факта” і “Тыднёвік Магілёўскі”. Першая была выключна расейскамоўная, другая выходзіла на Тарашкевіцы (беларускай арфаграфіі распрацаванай акадэмікам Браніславам Тарашкевічам – заўв. Н.М.). Іх можна было свабодна набыць у любым шапіку “Белсаюбздрук”, але пасьля выбараў 2001 года яны прыпынілі сваё існаваньне. “Тыднёвік Магілёўскі” не быў бізнэс-праэктам, бо яго заснавальнікам было грамадзкае аб’яднаньне “Кола сяброў” і дзякуючы намаганьням яго сябраў газэта праіснавала на працягу амаль шасьці гадоў. Адна зь вялікіх праблемаў, зь якой сутыкнулася газэта “Дэ-факта”, была нефармальная забарона Міністэрства інфармацыі на разьмяшчэньне рэклямы ў незалежных дэмакратычных газэтах, а гэта як вядома, ільвіная частка прыбытку любога выданьня. Гэта й іншыя прычына пагубілі расейскамоўную незалежную газэту.
Моўнае пытаньне
Газэта “НАШ Магілёў” у моўным пытаньні займае адпаведную пазыцыю, згодна якой тэксты артыкулаў друкуюцца на той мове, на якой іх піша журналіст, але існуе нефармальная парада, адпаведна якой газэта павінна імкнуцца да таго, каб яна выдавалася на ўжо знаёмай нам “Тарашкевіцы”. Таму, калі заглянуць у выданьне, то можна заўважыць там і рускамоўныя артыкулы і беларускамоўныя, напісаныя як на “наркамаўцы” (так называюць сучасныя правілы бел.мовы – заўв. Н.М.), так і на “Тарашкевіцы”.
Нелегальны статус
Зразумела, што газэта не імкнецца на сучасным этапе атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю, бо яна пачне адразу ўганяць выданьне ў пэўныя рамкі, абмяжоўваць яго й не даваць магчымасьці галосна й аб’ектыўна даношаць інфармацыю да чытача, тым больш, што наяўнасьць такой газэты ў сучасных палітычных умовах адразу паставе крыж на яе разьвіцьці й існаваньні. Але не глядзячы на гэта калектыў рэдакцыі газэты “НАШ Магілёў” прытрымліваецца дзеючага заканадаўства, бо рана ці позна пачнуцца дэмакратычныя працэсы й тады выданьню застанецца толькі легалізавацца й не наступаць нагамі на граблі, ня ведаючы што й як трэба рабіць адпаведна закону. Не так даўно праходзіла перарэгістрацыя выданьняў, у тым ліку застаўшыхся недзяржаўных, і тыя газэты, якія мелі ў сябе грамадзка-палітычныя рубрыкі атрымоўвалі неафіцыйную параду адмовіцца ад іх, а ў адваротным выпадку, калі яны не прыслухаюцца прапановы, то, адпаведна, не пройдуць дзяржаўную перарэгістрацыю. Наша газэта – гэта як раз-такі тая газэта, якая й называецца грамадзка-палітычнай.
Мы - незалежым ад розных палітычных сілаў
Выданьне засноўвалася не як газэта нейкай палітычнай сілы, а як незалежная газэта, якая будзе аб’ектыўна даношаць інфармацыю да грамадзян аб тых ці іншых падзеях, якія мелі, ці маюць месца ў горадзе й нашай краіне. Адным з асноўных партнэраў газэты зьяўляецца Магілёўская гарадзкая кааліцыя дэмакратычных сілаў, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных дэмакратычных партыяў і арганізацыяў гораду.
Мы рады супрацоўнічаць з Вамі
Кожны жадаючы можа даслаць артыкул у газэту, які на конкурснай аснове будзе разгледжаны ў параўнаньні з астатнімі дасланымі артыкуламі. Найбольш цікавыя ўбачуць сваё жыцьцё на старонках нашай газэты.
Зваротны адрас
Наладжана зваротная сувязь. Кожны жадаючы можа даслаць свае заўвагі на электронны адрас. Аднойчы, у сьпецыяльным выпуску, які быў прысьвечаны вынікам выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў быў пакінуты тэлефон старшыні выканкама Магілёўскіх дэмакратычных сілаў Алеся Сілкова. Першы хто яму патэлефанаваў быў супрацоўнік КДБ, які запрасіў яго на прафіляктычную размову. Потым, на яго тэлефонны нумар пачалі тэлефанаваць простыя грамадзяне, якія выказваліся з падтрымкай і згаджаліся з тым, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя й толькі адна старшыня выбарчай камісіі, выказала свой пратэст і нязгоду з тым, што было напісана ў артыкуле й сказала, што выбары прайшлі сумленна й без парушэньняў, у чым, зразумела, і сумняецца як рэдакцыя газэты “НАШ Магілёў”, так і ўсе прадстаўнікі дэмакратычных сілаў горада.
Мэтавая група
Газета “НАШ Магілёў” разьлічана на шырокую мэтавую групу й прапагандуе дэмакратычныя каштоўнасьці, Эўрапейскую культуры й Правы чалавека на мясцовым узроўні.
Сыстэма распаўсюду
Наладжана сістэма распаўсюду выданьня, аб якой, зразумела, па аб’ектыўнай прычыне мы не можам распавесьці больш падрабязна.
Падзеі зьвязаныя з газэтай "НАШ Магілёў"
Першы нумар газэты “НАШ Магілёў”, у колькасьці 400 асобнікаў, быў сканфіскаваны супрацоўнікамі міліцыі.
Галоўны рэдактар Андрусь Воўкаў атрымаў афіцыйнае папярэджваньне ад Магілёўскай абласной пракуратуры за распаўсюд выданьня. Пасьля канфіскацыі першага нумара газэты, супрацоўнікі пракуратуры хацелі ўзбудзіць угалоўную справу за абразу прэзідэнта, бо Аляксанд Рыгоравіч у адным з артыкулаў нейкага Вітольда Няўрыды “Прафэсыя апазыцыянэр” фігураваў як Лука, але ў сувязі з тым, што гэта быў гумарны артыкул справу вырашылі пакуль не узбуджаць.
У весну 2007 года рэдакцыя газэты “НАШ Магілёў” праводзіць цыкл сэмінараў пад назвай “Школа вельмі маладога журналіста”, дзе маладым людзям, якія цікавяцца журналістыкай, прадастаўлялася магчымасьць дазнацца аб яе асновах і ў далейшым далучыцца да працы рэдакцыі. У якасьць трэнераў запрашаліся вядомыя журналісты й праваабаронцы горада.
24 сакавіка 2007 года, напярэдадні Дня Волі, быў канфіскаваны сьпецнумар газэты “НАШ Магілёў”, які быў прысьвечаны абвяшчэньню БНР 25 сакавіка 1918 года. Наклад складаў 3 200 асобнікаў. Падчас канфіскацыі газэты быў затрыманы грамадзкі актывіст Сяргей Лапуцін, якому давялося правесьці ў міліцыі каля двух гадзінаў.
30 сакавіка 2007 года, павінен быў адбыцца суд над Сяргеям Лапуціным, які на шэсць дзён раней, на Магілёўскім аўтавакзале, быў затрыманы з накладам незарэгістраванай грамадзка-палітычнай газэты “НАШ Магілёў”. У сувязі з тым, што следствам так і не была ўстаноўлена асоба, якая перадавала яму наклад газеты суд быў адменены, а наклад газэты застаўся сканфіскаваны й яго, на вялікі жаль, зьнішчылі.
11 траўня 2007 года пры падтрымцы газеты “НАШ Магілёў”, пачаў выходзіць студэнцкі бюлетэнь “БУМ”.
27 ліпеня 2007 года падчас раздачы на вуліцах гораду сьпецвыпуска газэты прысьвечанай абвяшчэньню незалежнасьці Беларусі 27 ліпеня 1990 года быў затрыманы актывіст БСДП Сяргей Гуркоў. У яго было выключана 104 асобнікі газэты “НАШ Магілёў”, а сам актывіст некалькі гадзінаў правёў у пастарунку на завулку Пажарным, пасьля чаго быў адпушчаны.
17 жніўня 2007 года ў Магілёве была створана творчая група “НАШ Магілёў”.
У яе склад увайшлі прадстаўнікі рэдакцыі незалежнай газэты “НАШ Магілёў”, студэнцкага бюлетэню “БУМ” і студэнцкага сайту універсітэту імя А.Куляшова.
Напярэдадні Эўрапейскага маршу, пры раздачы чарговага сьпецнумару газэты “НАШ Магілёў”, прысьвечанаму 12 прапановам Эўразьвяза ў Магілёве былі затрыманы грамадзкія актывісты Сяржук Нягацін, Віталь Макаранка й іншыя. У маладзёнаў канфіскавалі застаўшыяся 45 асобнікаў газэты. Яны некалькі гадзінаў правялі ў бліжэйшым пастарунку, пасьля чаго былі адпушчаны на волю.
Нашы выданьні
На сучасны момант намаганьнямі творчай групы “НАШ Магілёў” выдаецца газэта “НАШ Магілёў”, студэнцкі бюлетэнь “БУМ”, газэта СПБ “Сацыяльная газэта”, сьпецыялізаваны завадзкі бюлетэнь “Голас Ліфтмаша”, моладзевая старонка да бюлетэню прафсаюза РЭП “СМС”. Таксама працуе два сайты: сайт газэты “НАШ Магілёў” і сайт студэнтаў унівэрсытэта імя А.Куляшова.
Рэдакцыя газэты “НАШ Магілёў”



