Зброя міліцыянэра сталася прычынай сьмерці васьмігадовай дзяўчынкі

Трагічны й жудасны выпадак адбыўся ў Слаўгарадзе. Пятнаццацігадовы пляменьнік міліцыянэра выпадкова застрэліў васьмігадовую суседку з табельнай зброі свайго дзядзькі.
Прыкладна а гадзіне дня 2 ліпеня трыдцаціпяцігадовы ўчастковы інспэктар міліцыі, знаходзячыся пры выкананьні службовых абавязкаў, не на доўга зайшоў дадому. Зняўшы табельную зброю, ён пакінуў яе на канапе ў пакоі, дзе ў гэты час гулялі дзеці. А прыкладна праз 10 хвілін у кватэры прагучаў стрэл, у выніку якога загінула васьмігадовая суседская дзяўчынка Аня.

Акрамя дзяўчынкі, у пакоі знаходзілася дванаццацігадовая дачка міліцыянэра, васьмігадовы хлопчык і пятнаццацігадовы пляменнік, які прыехаў з Магілёва пагасцяваць у дзядзькі. Ён і стаў выпадковым забойцам дзяўчынкі.
Пракуратура Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу ў адносінах да пятнаццацігадовага падлетка і праводзіць праверку па дзеяньням участковага інспэктара міліцыі.

Саша Заяц