Актывіста “Маладога Фронта” выключаюць з ўніверсітэта

Аб гэтым паведаміў студэнт першага курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта А. Куляшова, актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Расціслаў Панкратаў, пасля адбыўшайся размовы з дэканам свайго факультэта.

"Усяго ў мяне мусіла быць пяць іспытаў, - гаворыць Расціслаў, - Да першага іспыта мяне не дапусцілі, а яшчэ на двух мне паставілі дрэнныя адзнакі. Сёння, дэкан майго факультэта, сказаў мне, што я буду адлічаны з ўніверсітэта за непаспяховасць. Да гэтага, мне неаднаразова прапаноўвалі забраць дакументы з ўніверсітэта па свайму асабістаму жаданню, але я пастаянна адмаўляўся. Сёння мусіць быць загад аб маім адлічэнні. Ціск на мяне пачаўся яшчэ з восені 2007 года, калі да мяне пачалі прыходзіць на размовы супрацоўнікі КДБ. З красавіка гэтага года мяне пачаў дзёргаць дэканат. Першую сесію я здаў паспяхова, без пераздач, а на другой мяне проста завалілі”.

Сваё адлічэнне Расціслаў бачыць вынікам сваёй палітычнай актыўнасці ў незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”.

Вітольд НЯЎРЫДА