Сёмая, але, спадзяемся, не апошняя

У афіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі 3 ліпеня ў Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё сёмай у Беларусі Ратушы.
На цэрымоніі адкрыцця прысутнічалі старшыня аблвыканкама магілёўскай вобласці Барыс Батура, старшыня гарвыканкама Магілёва Віктар Шорыкаў і каля трох тысяч гледачоў, якія назіралі за ўрачыстай цэрымоніяй.
Пад час цэрымоніі сабраўшымся зачытваліся старонкі з Магілёўскай гісторыі, прысвечаныя сімвалу мясцовага самакіравання  - Ратушы. На цэрымоніі выступалі рыцары, конны пажарны экіпаж, творчыя народныя калектывы, будаўнікі і мяшчане ў адзеннях часоў Рэчы Паспалітай. Былі таксама і імправізаваныя імператрыца Расійскай імперыі Кацярына ІІ разам з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ, якія падчас сваёй сустрэчы ў Магілёве разглядалі яго з вежы тагачаснай Ратушы і вырашалі лёс Рэчы Паспалітай.

Мураваная гарадская ратуша, што знаходзілася на Гандлёвай (цяпер Савецкая) плошчы Магілёва, была адным з лепшых помнікаў грамадзянскай архітэктуры Беларусі. Яе пабудавалі ў 1679—1698 гг. мясцовыя майстры Феська і Апанас з удзелам дойлідаў Ігнація, Недасека, Ваські, Андрэя і Грышкі.

У 1698 годзе ўзвялі новы будынак ратушы з васьміграннай вежай. Ратуша, якая мела простыя і строгія формы, стала вертыкальнай дамінантай горада. Яе вышыня разам са шпілем складала 46 м. Вежа завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з металічнымі кратамі, вялікі гадзіннік. Аконныя праёмы з невялікімі круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Галоўны і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі, а сам будынак, накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, быў аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 г. ратушу капітальна перабудавалі, дах накрылі бляхай. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму.

Нягледзячы на тое, што ў час вайны ратуша была моцна пашкоджанай, у 1952 годзе было прынята рашэнне аднавіць яе. Рашэннем гарвыканкама ад 11 верасня 1953 года яна была аб’яўлена помнікам архітэктуры, быў вызначаны канчатковы тэрмін рэканструкцыі будынка. Але нечакана для магілёўцаў у адзін ліпеньскі дзень ратушу ўзарвалі, а яе вежу разбурылі з дапамогай тросаў і двух трактароў.

23 траўня 1992 года адбылася сімвалічная закладка 1-га камня на месцы будучай ратушы і яго асвячэнне на ўрачыстым малебне. Аднак рэальна ўзнаўленне ратушы пачалося толькі ў лістападзе 2007 года. Трэба спадзявацца, што адбудова ратушы стане першай у шэрагу крокаў па вяртанні Магілёву яго гістарычнай памяці, яго страчанай спадчыны.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі ў аўтэнтычным выглядзе захавался ўсяго пяць ратуш, якія размешчаны ў Слоніме, Віцебску, Шклове, Нясвіжы і Чачэрску. Шостая ратуша была адбудавана ў Менску ў 2003 годзе. Сёмая, цяпер з’явілася і ў Магілёве. Восьмай можа стаць Ратуша ў Брэсце. Але ў любым выпадку ёсць лічба да якой трэба імкнуцца каб адрадзіць страчаную беларускую спадчыну якая сягая за лічбу 60. Менавіта столькі гарадоў сучаснай Беларусі мела тагачасны сімвал мясцовага самакіравання.

Вітольд НЯЎРЫДА

Настройки просмотра комментариев

Выберите нужный метод показа комментариев и нажмите "Сохранить установки".

Магiлёуская ратуша

Выдатная навiна! Прыемна бачыць, што не гледзячы не на што, адраджаецца нашая Бацькаушчына!