Сёньня, 7 ліпеня, прайшло роўна 8 гадоў з таго дня, як быў гвалтоўна выкрадзены журналіст Зьміцер Завадзкі. Менавіта такой жа летняй раніцай Зьміцер паехаў на службовай машыне ў аэрапорт сустракаць свайго сябра і калегу Паўла Шарамета і дагэтуль аб ягоным лёсе нічога не вядома. Мноства разоў за гэтыя гады беларускія ўлады запэўнівалі, што ў іх ёсьць нейкія новыя дадзеныя па справе, што вось-вось і Зьміцера знойдуць. Былі заявы, што камусьці "адкруцяць галаву". Але, нажаль, час няўмольна ляціць, а таямніца пакрытая невядомасьцю, датычная выкраданьня Зьміцера, так і застаецца таямніцай, якую ўлады Беларусі ўсімі сродкамі і сіламі спрабуюць назаўжды пакінуць нераскрытай.
Размаўляючы ў гэтыя дні з блізкімі Зьміцера, выразна прасочваецца страшэнная стомленасьць ад усяго што адбываецца, але яны яшчэ моцныя духам і працягваюць змагацца, верачы ў перамогу справядлівасьці, і жывуць ўспамінамі аб Зьмітры. І гэтыя ўспаміны тых, хто ведаў Зьміцера, дагэтуль настолькі яркія, быццам і не было гэтых васьмі гадоў без яго. З гэтай прычыны Фундацыя ймя Зьмітра Завадзкага вырашыла ў гэты дзень не абцяжарваць чытачоў тым, колькі разоў прыпынялася альбо аднаўлялася справа аб выкраданьні Зьміцера Завадзкага, а ўспомніць сёньня аб тых апошніх днях, якія Зьміцер правёў з блізкімі і сябрамі і прапанаваць вашай увазе артыкул Аляксндра Тамковіча "Рыбалка, якая ніколі ня скончыцца", які Вы знойдзеце ў рубрыцы сайту "артыкулы".
Па матар'ялах www.zavadsky.org



