"Неабходна рэвалюцыя ў розуме, душы, ментальнасці і свядомасці”
Чаму я ў апазіцыі да сучаснай улады?
На падобнае пытанне я заўсёды адказваю: я - не пазіцыя, я - не апазіцыя, я - беларуска. Таму што сённяшняя сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, такая: калі ты беларус, то ты аўтаматычна з'яўляешся апазіцыянерам.
З чаго ўсё пачыналася?
Усё пачыналася з таго моманту, калі пайшоў падзел сучаснай беларускай гісторыі, то бок ад Чарнобыльскай аварыі. Тады наша сям'я, на пэўны час, апынулася за межамі Беларусі. Мы выехалі ў Латвію, дзе жылі пяць год. Ужо там, у дзіцячым узросце фармавалася мая нацыянальная свядомасць, у трохгадовым узросце я ўжо казала: “Я беларуска!”. Потым мы вярнуліся ў Беларусь. Я пайшла вучыцца ў вясковую беларускамоўную школу ў 1994 годзе. З гэтага перыяду ў мяне адклаўся ў памяці ўрывак верша: “Са мной заўсёды герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг!”. Гэта быў яшчэ перыяд нацыянальна-патрыятычнага выхавання. Пазьней, у старэйшых класах, да мяне даходзілі чуткі пра апазіцыю, якая выглядала для мяне нечым светлым, ружовым і адчувалася ў сэрцы, што гэта беларусы,гэта наша, беларускае, і калі ў 2005 годзе я паступіла ва ўніверсітэт імя А. Куляшова на гістарычны факультэт, тады ўсё паступова і пачалося. У самым пачатку мяне запрасілі на сустрэчу з пісьменнікамі, якую ладзіла “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, потым запрасілі ў незалежны прафсаюз, да супрацоўніцтва ў розных незалежных выданнях. Летам 2007 года ў Магілёў прыехаў Павел Севярынец, які распавёў пра хрысціянскую дэмакратыю. Вось тут маё сэрца загарэлася, і я зразумела, што гэта тое месца, дзе мне патрэбна быць.
Ці адчуваецца ціск з боку ўлады і ў чым ён праяўляецца?
Пасля ўдзелу ў студэнцкім пікеце супраць адмены льгот мяне выклікалі на размову да дэкана, дзе мяне папярэдзілі аб адказнасці. У восені 2007 года, падчас святкавання Дня беларускай вайсковай славы, усе ўдзельнікі святкавання, сярод якіх была і я, былі затрыманы ў Любужскім лесе для высвятлення асоб, пасля чаго ўсе былі адпушчаны. Яшчэ адно мае затрыманне таксама адбылося летам таго ж году на пікніке “Руху за Свабоду” пад Менскам. Галоўны ціск бывае ўнутры нас - гэта наш страх.
Якое ты бачыш выйсце з сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне?
Савецкая спадчына і адсутнасць самаідэтыфікацыі народу з'яўляюцца праблемамі беларусаў. Неабходна рэвалюцыя ў розуме, душы, ментальнасці і свядомасці. Для сябе я знайшла выйсце - гэта партыя “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”: Хрысціянскія прынцыпы і беларускі патрыятызм, бо нам неабходныя духоўнасць, маральнасць і адказная, шчырая, сумленная палітыка.
Вітольд НЯЎРЫДА



