Aлесь Паплыка: сябра БСДП (Грамады)

“Улада ўжо ўсё зрабіла для таго каб адбыліся змены”

Чаму я ў апазіцыі да сучаснай улады?

Я ў апазіцыі таму, што сучасная ўлада не дае магчымасці развівацца людзям культуры, альтэрнатыўным людзям і людзям, якія маюць свае погляды і мэты. Яны не могуць сябе рэалізаваць, бо ў нашай улады адна праца – каб нашыя людзі былі быдлам і не мелі магчымасці да самарэалізацыі.

З чаго ўсё пачыналася?

З самага маленства я меў свае погляды на жыццё. У мяне былі таксама свае імкненні.. Нашая ўлада і яе курс вёў мяне ў іншым накірунку і я не быў з гэтым згодзен. Я вымушаны быў рабіць так, як гэта патрэбна ўладзе, а не так, як хацелася мне. Усё прыйшло само сабой: я сустрэў свайго сябра, які распавёў мне пра апазіцыю, пра тое што яны робяць, як яны дзейнічаюць, супраць чаго яны выступаюць і пасля гэтага сам далучыўся да апазіцыйнага руху. Першая арганізацыя ў якую я патрапіў была Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), сябрам якоя я і з’яўляюся па сучасны момант. Я лічу, што толькі сацыял-дэмакратычныя каштоўнасці з’яўляюцца тым неабходным выйсці са склаўшайся сітуацыі.

Ці адчуваецца ціск з боку ўлады за сваю дзейнасць і ў чым ён праяўляецца?

Ціск быў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, калі я жыў у намётавым мястэчку на плошчы Каліноўскага ў Менску. Тады я за свае погляды атрымаў 10 сутак арышту і правёў іх у Жодзіскім ізалятары. Некалькі разоў мяне выклікалі ў міліцыю па розных падставах. Супрацоўнік КДБ неаднаразова прыходзіў да мяне і спрабаваў завербаваць. На сучасны момант ціску ніякага няма, бо, напэўна, зразумелі, што ціснуць на мяне сэнсу ніякага няма і я не змяню свайго пункту погляду.

Якое выйсце ты бачыш з сітуацыі, якая склалася на Беларусі?

Я лічу, што ўлада ўжо ўсё зрабіла для таго каб адбыліся змены. Вельмі часта я бачу людзей, якія гаворуць пра тое як стала дрэнна жыць. На маю думку, толькі звычайныя людзі могуць вырашыць гэтае пытанне. Гэты рэжым можна перамагчы толькі тады, калі да кожнага дойдзе, што гэты рэжым сабой уяўляе. Апазіцыя, у гэтым выпадку, мусіць проста дапамагчы грамадзянам і паказаць у якім накірунку неабходна ісці і што для гэтага трэба рабіць.

Гутарку вёў Вітольд НЯЎРЫДА