Юры Стукалаў, сябра ГА "Грамадзянскі Форум"

  “Трэба верыць што ўсё ў нашых руках і толькі тады мы пераможам!”

Чаму я ў апазіцыі?

Я ў апазіцыі да сучаснай улады таму, што мяне, як грамадзяніна які думае, не задавальняе цяперашняе якасць жыцця. Няма сапраўднай свабоды для развіцця кожнага патрыёта сваёй Радзімы. У цяперашніх умовах кожнага “вольнадумца” мусяць знішчыць, бо ўладзе не патрэбны людзі, якія думаюць па-свабоднаму, жадаюць палепшыць свой дабрабыт і дабрабыт сваёй Радзімы. Таму я буду змагацца за гэта да канца.

З чаго ўсё пачыналася?

сё пачалося з маленства. Яшчэ тады ў мяне былі дэмакратычныя погляды і мне не падабалася тое, што адбываецца ў нашай краіне. Першым крокам сваёй барацьбы я лічу 7 снежня 2005 года, калі ў рэспубліканскай газеце “Свободные новости” апублікавалі мой адказ на конкурс, які праводзіла гэтая газета пад назвай “ Што бы я зрабіў, калі б стаў прэм’ер-міністрам?”. У сваім лісце я адказаў так, пад чым і падпісваюсь сёння. У ім было маё бачанне сапраўднага дэмакратычнага развіцця Беларусі. Але сур’езна займацца апазіцыйнай дзейнасцю я пачаў не так даўно. У канцы снежня 2007 года, разам са сваімі сябрамі, арганізавалі незалежную студэнцкую суполку, як рэакцыю на адмену льготаў. Пазней, у пачатку 2008 года, я пазнаёміўся з вядомым магілёўскім апазіцыянерам Аляксандрам Сілковым, з якім пачаў працаваць разам і працую да гэтага моманту. Менавіта пачатак працы з Аляксандрам і аргкамітэтам ПСП я лічу сапраўднай адпраўной кропкай у маёй дзейнасці. З гэтага часу мы працуем у межах магілёўскай гарадской кааліцыі дэмакратычных сіл, прымаем удзел у розных мерапрыемствах.

Ці адчуваецца ціск з боку ўлады?

Сапраўдны ціск з боку улады я адчуў 15 красавіка, калі мяне выклікалі ў магілёўскі ваенкамат, дзе мяне чакаў супрацоўнік УКДБ па Магілёускай вобласці капітан Патапаў. Ён пачаў мне распавядаць пра тое, што мая дзейнасць дэстабілізуе палітычную абстаноўку ў горадзе. Капітан таксама прапанаваў не займацца палітычнай дзейнасцю, або дзейнічаць пад пільным вокам КДБ. На сваю прапанову ён, зразумела, атрымаў адмоўны адказ. Тады у мой бок пайшлі пагрозы, што мяне могуць выключыць з ВНУ і ўжо восенню я пайду ў войска з гэтага ваенкамата. КДБіст цікавіўся маімі паездкамі за мяжу, а таксама адносінамі з вядомым палітыкам Уладзімірам Навасядам, старшынёй аргкамітэту ПСП.
Другі выпадак увагі з боку дзяржавы адбыўся тады, калі мы ішлі разам з Міколай Расюком (сябрам БСДП) і яшчэ некалькамі апазіцыянерамі на афіцыйны жалобны мітынг 26 красавіка. Нас пачалі даглядаць палкоўнікі і падпалкоўнікі. Пасля дагляду спадара Расюка, затрымалі. Я лічу, што гэтымі дзеяннямі улада цалкам дэскрэдытуе сябе.

У чым ты бачыш выхад са склаўшайся сітуацыі?

Выхад са склаўшыйся сітуацыі я бачу адзін. Трэба змагацца за свае правы і тлумачыць маладым людзям дзе праўда, а дзе не. Трэба верыць што ўсё ў нашых руках і толькі тады мы пераможам!

Гутарку вёў Вітольд НЯЎРЫДА