Маці ледзь не атрымала штраф за абарону сына

Новы мэтад абараніць сына перад судом – нецэнзурная лаянка. Цярпялівасьць судзьдзяў уражвае – яны церпяць не толькі вусныя загады па тэлефону, але і абразліваю лаянку ў зале суда.
Прыкладам гэтага стала сёньняшняе паседжаньне ў зале Кастрычніцкага суда г.Магілёва. У прысутных нядобрыя ўражаньні больш ад маці абвінавачваемага. Яшчэ раз пацьвярджаецца прымаўка “яблыка ад яблыні не далёка падае”.

16 лютага бягучага года ў нецвярозым стане абвінавачваемы 1981 года нараджэньня каля крамы “Алімп” збіў жыхара бульвара Няскораных. Вярнуўшыся да хаты, пацярпелы міліцыю вызываць не стаў. Аднак, яго жонка і сын зрабілі гэта за яго. Больш таго, раззлаваны 18-цігадовы сын пацярпелага са сваімі сябрамі вырашыў выйсьці да крамы і знайсьці сведкаў злачынства. Замест іх яны знайшлі самаго злачынніка, які набываў сабе “дагонку”. Пасля невялікай спрэчкі ад рук абвінавачваемага пацярпелі ўжо сын і яго 15-гадовыя сябры.
Суд цягнуўся 4,5 гадзіны без перапынку. Аднак абвінавачваемы сваёй віноўнасьці так і не прызнаў. Паседжаньне вырашана адкласьці на 26 траўня.

- Больш за ўсё мяне раззлавалі паводзіны абвінавачваемага. Ненарматыўную лексіку цяжка выслухоўваць такі доўгі час, - распавядае супрацоўнік суду. – Ды й што казаць. У яго жыцьці гэта не першая судовая справа. Толькі за мой перыяд працы ён быў асуджаны 3 разы. Аднак усіх прысутных больш зьдзівілі словы маці падсуднага. Яна расказала, што яе сын пастаянна патрабуе набываць алкагольныя і цыгарэтныя вырабы. Маўляе, яна абавязана. Аб аніякай грашовай дапамогі нават і гаворкі не йдзе.

Здавалася б, пашкадаваць трэба матулю. Аднак… Яе лексіка ды паводзіны не вельмі адрозніваліся ад паводзінаў яе сына.

- Мы былі вельмі ўражаны. Яна была простым гледачом, аднак, абараняючы сына, з месца пастаянна абражала сьведкаў і пацярпелых нецэнзурнай лаянкай. Ёй было ўсё адно, дзе яна знаходзіцца. Не раз суддзя папярэджвала, што на яе могуць накласьці штраф. Проста жах нейкі. Зразумела, што ў такой недарэчнай маці вырас такі недарэчны сын.

Чаму чалавек пачынае рабіць злачынства? Супрацоўнікі суда ў адказ на гэтыя пытаньні кажуць – амаль у кожным выпадку абвінавачваемы знаходзіўся ў нецьвярозым стане і быў з недабрабытнай сям’і. Усё часьцей у апошні час падлеткам 18-22 гадох суддзі выносяць прысуд па 107 артыкулу Адміністратыўнага кодэксу прымусовае лячэньне ад алкагалізму. Статыстыка паказвае: падаўляючая большасьць злачынстваў – рэцэдзіўныя. Стаўшы адзін раз на шлях разбою, чалавек (калі яго можна назваць чалавекам) пачынае жыць такім недарэчным чынам.

Саша Заяц