Ці перамогуць беларусы “нафтапрадукт”?

Больш за 250 подпісаў сабралі жыхары дамоў, побач зь якімі будуюць аўтазапраўку. Ужо пададзена больш за тры зварота да ўладаў і структураў. Адказаў пакуль не было. Аднак жыхары працягваюць выказваць сваё “супраць”.
Нагадаем, што з пачатку траўня ў 10 мэтрах ад жытловых дамоў №65 і 69 па вуліцы Сіманава горада Магілёва будуюць аўтазапраўку, аднак побач разьмяшчаецца дастаткова вольнае поле. Заказчыкам будаўніцтва з’яўляецца “Магілёўнафтапрадукт”.

Узрушаныя жыхары на месцы сядзець не сталі. Звароты з копіямі сабраных подпісаў накіравалі ў Упраўленьне архітэктуры Магілёўскага гарвыканкама і экалягічную міліцыю. У шэрагу памагатых аказаліся і дзяржаўныя СМІ. Лісты са зваротам накіравалі на дзржаўнае тлебачаньне, белтэлерадыёкампанію і рэспубліканскія газэты. У бліжэйшыя дні скарга будзе пададзена да старшыні гарвыканкама і пракуратуры Кастрычніцкага раёна горада Магілёва. Акрамя таго, прадстаўнікі грамадзян, што падпісаліся пад зваротам, пойдуць на прыём да старшыні гарвыканкама Віктара Шорыкава.

– На мой погляд, гэтыя паходы да Шорыкава ні да чаго не прывядуць, - адзначае Андрусь Воўкаў, каардынатар Творчай группы “Наш Магілёў”, якая дапамагае жыхарам змагацца за свой дабрабыт. – Паход на прыём проста безкарыстны. Глупа хадзіць да таго чалавека, з карысных інтарэсаў каго яна там і будуецца. Гэта тое ж самае, што скардзіцца Борману на Гітлера. Гэтую сітуацыю можа вырашыць толькі абласная ці рэспубліканская пракуратура, а надзейней за ўсё – адміністрацыя прэзідэнта. На раённым і гарадскім узроўні ўсё “схоплена”.
12 траўня а палове дзясятай гадзіны грамадзяне зьбіраюцца выйсці да месца будоўлі. Туды ж павінны прыехаць і прадстаўнікі СМІ.

- Гэтая будоўля парушае шмат законаў. І гэтыя парушэньні апісаны ў нашай скарзе. Таму галоўнае спадзяваньне на адпаведныя дзеяньні пракуратуры. Мы верым, што мы свайго даб’емся. Тым больш, што ад боку нашага дома да будоўлі крыху болей за 10 мэтраў, - адзначыў жыхар дома №69 Максім.
Між тым, на месцы заплянаванай будоўлі трактар ужо зачысьціў паверхню глебы. Кожны наступны крок будаўнікоў – гэта як нажом па сэрцу кожнаму жыхару дамоў, што стаяць побач.

Саша Заяц