За 50 метраў ад жылых дамоў будуюць аўтазапраўку. Жыхары супраць. Яны не жадаюць увесь час дыхаць выпарэньнямі нафтапрадуктаў і жыць “на парахавой бочцы”.
Ня так даўно жыхароў дамоў 65 і 69 на вуліцы Сіманава ў Магілёве напужаў забор, які хутка ўзрос за 50 метраў ад іх дамоў. Праз пару дзён паставілі будаўнічую будку. Аб’ект будоўлі – аўтазапраўка. Дарэчы, аб гэтым жыхары даведаліся самі, патэлефанаваўшы ў дзяржбуддагляд. Як заўжды аніхто іх пункт погляду не спытаў.
- Канечне, мы супраць гэтай будоўлі, - адзначае Ларыса – жыхарка дома №69. – Гэта ж уявіце, з вакна не высунуцца будзе – увесь час дыхаць выпарэньня бензіну проста не магчыма. Тым больш, поле на якім плянуецца будоўля, вялікае. Аб’ект можна было перанесьці далей – на сярэдзіну, аднак чамусьці заказчыкам дазволілі “ляпіцца” бліжэй да жылых дамоў. Аб якім здароўі нашых дзяцей цяпер казаць?!
Аднак грамадзяне здавацца ня зьбраюцца. Згодна з Інструкцыяй аб парадку правядзеньня адзнакі ўздзеяньня на вакольнае асяроддзе запланаванай гаспадарчай і іншай дзейнасьцю ў Рэспублікі Беларусь, зацьверджанай пастановай Міністэрствам прыроды ад 17.06.2005г. №30, заказчык павінен правесьці грамадскія слуханьні і ўсебаковае вывучэньне прапаноў грамадскасьці аб рэалізацыі заплянаванай дзейнасьці, павінен арганізаваць удзел грамадскасьці ў працэсе правядзеньня адзнакі аб магчымым уздзеяньні на навакольнае асяроддзе. Аднак грамадства ізноў у баку.
- Мы супраць гэтае будоўлі, - заяўляе ўзрушаны жыхар суседняга з будоўляй дома №69, - і здавацца мы не зьбіраемся. Будзем зьбіраць подпісы і пісаць лісты. І спадзявацца, што гэтае дапаможа. Мы не жадаем увесь час жыць на “парахавой бочцы”.
Засяліўшыся ў новыя дамы, жыхары ўвесь час радаваліся – з іх вакон адкрываўся вельмі прыгожы краявід на Сьявтое возера, якое знаходзіцца за 200 метраў. Хто не прыходзіць ў госьці, усе захапляліся, маўляў жыхар. А цяпер пад вокнамі будуюць адразу крыніцу нафтавых выпарэньняў, хвароб, забруджваньне арганізму і “парахавую бочку”, якая ў любы момант ураз можа зьнішчыць як мінімум 260 кватэр.
Саша Заяц



