Людзі на балоце

У аднапакаёвай кватэры на апошнім паверсе з-за працяканьня даху ўжо чацьвёрты месяц у натуральным сэнсе ідзе дождж. Залівае ўсюды – вада цячэ і на кухні, і ў прыхожай, і ў комнаце. Шпалеры ды падлога заўжды ў вадзе, у ванным пакоі ад зьлівы са столі адвальваецца штукатурка. Жыць ва ўмовах такой вільготнасьці проста не магчыма.

- На працягу чатырох месяцаў я даводзіў да ведама ЖЭУ-20 аб тым, што працякае дах і залівае маю кватэру. Тройчы прыходзіў у домаўпраўленьне, астаўляючы свае нумары тэлефонаў, каб прадстаўнікі камунальнікаў у зручны для іх час прыйшлі зафіксаваць факт працяканьня даху, - расказвае Леанід, уладальнік няўдалай кватэры па вуліцы Гогаля.

Аднак і па сёняшні дзень ЖЭУ не знайшло часу для агляду кватэры. З месяц назад жыхар падаў афіцыйную заяву да начальніка жыллёвага ўпраўленьня і папрасіў зарэгістраваць яе. Але ад рэгістрацыі адмахнуліся. Не так даўно Леанід зноў зьвярнуўся да камунальнікаў, яны паабяцалі знайсьці яго заяву і зайсьці “ў госьці” для састаўленьня акту. Аднак чаканьне цягнецца і дагэтуль.

Яшчэ адну афіцыйную заяву разачараваны ўладальнік падаў ужо да ЖРЭУ Ленінскага раёна. І настаяў на рэгістрацыі ў яго прысутнасьці. У гэты ж дзень патэлефанаваў майстар ЖЭУ-20 і паабяцаў: “сёння прыйдзем”. Але не прыйшлі ані “сёньня”, ані назаўтра, ані напасьлязаўтра.

А дождж усё лье ды лье. Ваду Леанід зьбіраць нават не спрабуе – хай, маўляў, цячэ далей, залье суседа з нізу, можа тады лягчэй будзе прывесьці камунальнікаў.
Колькі яшчэ чакаць камунальнікаў і глядзець на “сьлёзы” даху, і куды зьвяртацца яшчэ – Леанід проста не ведае.

Саша Заяц