Мікола Расюк, рабочы-будаўнік, чарнобылец і сябра БСДП
З Прыпяці, пасля Чарнобыльскай трагедыі, у Магілёў прыехала жыць 62 чалавекі. Гэта былі пераважна беларусы, якія вярталіся жыць на свае родныя месцы. Сярод іх быў са сваёй сям’ёй і Мікалай Расюк.
Пра сябе
Я сам паляшук, нарадзіўся ў Брагінскім раёне і вырас на Палессі сярод мележскіх балот. Спачатку я працаваў у геалагічнай выведцы і ў мяне былі праблемы з жыллём, бо на той момант я ўжо абзавёўся сям’ёй. Каб паправіць сваё матэрыяльнае становішча я паехаў працаваць на камсамольскую будоўлю імя У.І. Леніна на атамную станцыю ў горад Прыпяць. Спачатку я ўладкаваўся ў будаўнічую арганізацыю, а пасля ўладкаваўся на радыёзавод “Юпіцер”. Гэты завод існаваў яшчэ да з’яўлення атамнай станцыі і дапамагаў у будаўніцтве АЭС. У 1986 годзе адбылася Чарнобыльская трагедыя, пасля якой мне са сваёй сям’ёй прыйшлося эвакуіравацца. Мы пераехалі ў Магілёў, дзе па размеркаванню я патрапіў на завод “Зеніт”. Я беларус і мне хацелася бліжэй да родных мясцінаў. Спачатку я хацеў паехаць у Гомель, але стала вядома што ён быў больш забруджаны і мы паехалі ў Магілёў.
Начны выбух
Так склалася, што я хацеў выехаць з горада вечарам, пасля працоўнага дня, з двума маленькімі дзецьмі, але жонка не адпусціла іх са мной. Той ноччу я чуў выбух. Мая жонка вярнулася дамоў з другой змены а першай гадзіне ночы і мы пачалі класціся спаць. У гэты момант раздаўся выбух. Я тады сказаў жонцы: ”Ты паглядзі, якія ёсць сволачы – пад самым горадам рыбу глушаць!”. Да гэтага я працаваў у геалагічнай выведцы і ведаю што такое выбух у вадзе, зямле і г.д.
Наступнай раніцай, каля 5-6 гадзін ранку, я ехаў каб патрапіць на паром у г. Чарнобылі і вярнуцца ў Беларусь. Над Прыпяццю стаялі шэрыя хмары і гэта быў дзень аварыі на АЭС, але я яшчэ нічога не ведаў аб гэтым. Па дарозе я сустрэў дваіх сваіх сяброў, якія былі на матацыкле. Яны былі усе чорныя ў графітным пылу, толькі вочы і зубы блішчэлі. Я запытаўся што з імі. Яны распавялі пра тое, што ноччу нешта здарылася на атамнай станцыі – прыбег мужык на вадаём у распіратары і выгнаў іх адтуль. Даішнікі таксама з імі не цэрымоніліся - адзін з іх атрымаў па спіне жэзлам. Едучы на машыне далей я заўважыў вялікую колькасць супрацоўнікаў міліцыі і вялікую калону пажарных машын (каля 50) якая ішла з боку Кіева.
Мая жонка выехала з дзецьмі з дому крышку пазней на прыгарадным цягніку. Яна распавядала, што тады ўсе пасажыры дызеля павысоўвалі галовы ў вокны і глядзелі на тое, як гарыць АЭС. Самае цікавае, што пасля трагедыі па гэтай дарозе яшчэ цэлы тыдзень хадзіў цягнік Масква-Хмяльніцкі. У гэтым месцы радыяцыя была 100 Рэнген, пра што пазней паказалі па тэлевізару.
Калі жонка прыехала з дзецьмі, то яна распавяла, што ўсім у горадзе даюць нейкія таблеткі. Пасля трагедыі людзі заставаліся ў горадзе яшчэ цэлыя суткі і толькі 27 красавіка пачалася эвакуацыя. Мы думалі што гэтая аварыя не сур’ёзная і горад адмыюць, як гэта было раней і мы будзем прадаўжаць у ім жыць, але людзі са станцыі казалі што аварыя вельмі сур’ёзная і пяццю-дзесяццю днямі ўсё не абыйдзецца.
Ужо ў Беларусі я паведаміў усіх сваіх родных, якія жылі ў зоне блізкай да Чарнобыльскай трагедыі, каб яны кідалі ўсё і тэрмінова з’язджалі с забруджанай тэрыторыі. Я дамовіўся са сваімі сваякамі, каб яны здалі нам сваё лецішча пад Гомелем, але потым паступіла інфармацыя, што радыяцыйны фон і пад Гомелем вельмі моцна ўзвысіўся, таму мы падаліся на першы час у Чарнігаў.
Радыяцыю мы называлі шыцікамі
Мы, жыхары Прыпяці, жартліва называлі радыяцыю шыцікамі. Калі нехта пабываў у зоне, дзе была радыяцыя, і па вяртанні з яе правяраўся спецыяльным прыборам, то ўсё звінела. Тады казалі “О, шыцікаў паймаў!” і не ўспрымалі радыяцыю, як нешта сур’ёзнае.
Я спакойна аднёсся да начнога інцыдэнта, бо і раней на станцыі былі разнастайныя аварыі. З самага пачатку чацвёрты рэактар не здолелі запусцілі своечасова, бо ў ім цалкам выгарэў кабельны канал. У выніку, прыйшлося прыпыніць на паўгады запуск атамнай станцыі. У 1982 годзе быў прарыў паравой рубашкі і людзі, якія ўстранялі гэтую паломку, ўжо даўно адыйшлі ў лепшы свет. Рабочым трэба было працаваць па пяць хвілінаў, а яны працавалі па 10-15. У той час людзі не ведалі наступстваў апраменьвання. Тады таксама быў выкід радыяцыі праз трубу і ў той жа дзень увесь горад вымылі пенай, што для нас было вельмі странна.
Сны з чацвярга на пятніцу збываюцца
Трагедыя адбылася з пятніцы на суботу, а з чацвярга на пятніцу мне прысніўся сон. Гаворуць, што сны ў гэты час збываюцца. Перад АЭС калісці быў сасновы бор, але пасля 26 красавіка бор пажаўцеў ад радыяцыі і яго знішчылі.
І вось, сніцца мне, што іду я па гэтаму бары па сцежцы, пераходжу брадок і бачу – ляжыць чатыры гадзіннікі і самае цікавае, што трое гадзіннікаў чыстыя, а чацвёрты - брудны. Я ўзяў брудны гадзіннік, а астатнія прыхаваў. Прачнуўся і распавёў свой сон жонцы. Яна спачатку хацела, каб я ехаў з дзецьмі, але потым перадумала і сказала, што з дзецьмі паедзе яна сама. Яна сказала, што гадзіннікі – гэта вялікія змены ў жыцці. З пятніцы на суботу адбылася катастрофа. Я тлумачу гэты сон так – чатыры гадзіннікі – чатыры блокі АЭС, тры чыстыя – адзін брудны.
Мая галава адчувае радыяцыю
Калі я прыехаў, у дзень трагедыі, у вёску да маці, то ў мяне вельмі моцна балела галава. Я выпіў некалькі таблетак, але гэта так мне і не дапамагло. Боль была проста невыносная. Тады мая цёшча намачыла халоднай вадой рушнік, якім мне моцна перавязалі галаву. Мы білі кабанчыка і мясцовыя мужыкі настойвалі на тым, каб я выпіў з імі чарачку, бо гарэлка, з іх слоў, здыме боль. Я выпіў, але ледзь паспеў адскочыць ад стала, бо ўсё што было ўмяне ўнутры выйшла з мяне. Тады я ачысціў свой страўнік, бо калі я вяртаўся з Чарнобыля, то па дарозе ўвесь час лузгаў семкі і шчоўкаў арэхі, у выніку чаго нахапаўся радыёнуклідаў, якія патрапілі ў страўнік. Пасля таго як я званітаваў, то выпіў яшчэ пару чарак гарэлкі і боль паступова пачала праходзіць.
Пазней, калі мы з сям’ёй толькі пераехалі ў Магілёў, мне зноў стала дрэнна – моцна балела галава. Тады вецер дуў з поўдня і я зноўку пачаў піць таблеткі, якія мне не дапамагалі зусім.
Калі мне стала вядома пра Чарнобыльскую аварыю ў 1982 годзе, то адразу ж прыгадаў эпізод калі ў мяне раптоўна пачала балець галава і я пасылаў тады сваю жонку нават у суседнюю вёску, каб тая знайшла мне якіх-небудзь таблетак. Тое самае са мной было і ў Краснаполлі, дзе мы працавалі ў падшэфным калхозе завода “Зеніт”. Цяпер я магу дакладна сказаць, што моцная галаўная боль была звязана з радыяцыяй.
У Прыпяць я вяртаўся нелегальна
Мне прыйшлося вяртацца ў Прыпяць, бо ў горадзе засталіся ўсе нашыя дакументы, грошы, дробныя каштоўныя рэчы, якія неабходна было забраць. У горад я вяртаўся нелегальным шляхом, бо ў горад былі ўведзены войскі і яны кантралявалі яго. Я са сваімі сябрамі падгаварыў аднаго кіроўцу палівальнай машыны, каб ён нас адвёз у горад. Мы яго доўга ўгаворвалі і ён нарэшце згадзіўся. Кіроўца пасадзіў нас у кабіну, набраў поўную цыстэрну вады і мы паехалі ў горад. Перад міліцэйскімі і ваеннымі пастамі ён ўключаў ваду, мы згіналіся, каб нас не было відаць праз вакно і паставыя адчынялі нам шлагбаўм. Так мы і даехалі.
Ужо ў горадзе мы прыпыніліся на адным з пастоў і распавялі пра тое, што едзем за дакументамі і калі будзем вяртацца назад, то пакажам іх. Паставыя згадзіліся і папярэдзілі нас што па гораду ездзяць БТРы, якія адразу страляюць у тых, хто не падпарадкоўваецца іхным загадам. Пры сустрэчы з імі неабходна адразу прыпыніцца і распавесці дзе вы жывеце і куды накіроўваецеся. Ужо каля майго дома да нас пад’ехалі салдаты на БТР, праверылі нашую прапіску, пачакалі пакуль мы забярэм свае рэчы і пасля гэтага адвезлі нас да паста, дзе з усімі, хто нас прапускаў, мы распілі нашыя хатнія прыпасы спіртнога. Піў нават кіроўца палівальнай машыны.
Дарога смерці
Ужо праз некалькі тыдняў я быў у Кіеве, дзе кіеўляне распавядалі пра тое, што кіроўцы аўтобусаў, якія вывозілі насельніцтва з Прыпяці паміралі адзін за другім. Потым стала зразумела з-за чаго яны паміралі. Яны атрымалі вялікія дозы радыацыі. Перад уездам у горад аўтобусы і спецтранспарт калонай выстройваўся ўздоўж дарогі, каб не ствараць перашкодаў руху і ў такіх чэргах кіроўцы правялі некалькі гадзінаў. На гэтай дарозе радыяцыя была 400-500 Рэнген.
Я самастойна рабіў аперацыю сваёй маці
Мая маці і мой отчым засталіся жыць у Чарнобыльскай зоне. Не гледзячы на забароны яны ўтрымлівалі карову і ўжывалі яе малако. Праз некалькі год яны ўдваіх захварэлі ракам стрававальнай сістэмы і памерлі. Як толькі мая маці захварэла, то я прывёз яе ў Магілёў, дзе спрабаваў яе лячыць. Лячыў самастойна, бо нашая медыцына была няздатная на гэта. Медыкі сказалі што неабходна ампутаваць нагу праз тры дні, бо лячэнне немагчыма. Хвароба была звязана з наступствамі цукравага дыябету, які пачаўся пасля Чарнобыльскай катастрофы. Па беларускай статыстыцы, пасля аварыі на ЧАЭС у Беларусі ў 2-3 разы падскочылі захворванні на цукравы дыябет. Я не маю ніякай медычнай адукацыі, але самастойна зрабіў сваёй маці некалькі аперацый на назе, пасля чаго я выратаваў ёй не толькі жыццё, але і нагу. Я паставіў яе на ногі. Я самастойна выразаў гнойныя мякаці, рабіў ”мёртвую” і “жывую” ваду і прамываў ёй раны. Я бачыў як на вачах загойвалася рана. Праз месяц рана цалкам загоілася і яна нават кінула мыліцы і паехала назад у “зону”.
Пасля аварыі ў маіх дзяцей значна пагоршыўся зрок. Яны пернеслі некалькі аперацый. Калі знаходзілася чарговая хвароба ў кагосці з маёй сям’і, я як чарнобылец, заўсёды думаў аб самым горшым, бо ведаў статыстыку сярод сваіх былых прыпяччан. Мой сын у адзін час кінуў універсітэт, бо захварэў на шчатавідную залозу і не меў сілаў вучыцца. Але, дзякуй Богу, пазней ён паправіўся і скончыў вучобу. Пазней у сына з’явіўся палінэз. Гэта алергія на розныя травы. Алергія з’явілася раптоўна. Аднойчы прыйшоў са школы – вочы слезаточуць, насмарк, нос раздула. Пазней я ўжо прачытаў, што гэтая хвароба – гэта наступства ўздзеяння радыяцыі.
Льготы чарнобыльцаў
Цяперашнія льготы для чарнобыльцаў - гэта магчымасць пайсці ў працыўны адпачынак летам. Раней бальнічныя лісты аплачваліся на 100%, але цяпер як і ў ва ўсіх – на 80%.
Для параўнання на Ўкраіне чарнобыльцам на 50% аплачваюцца камунальныя паслугі, няма падатку на дадатковую вартасць, прадастаўляецца спецыяльны двухтыднёвы адпачынак, ёсць санітарнае базавае харчаванне і іншыя прывілеі. І гэта не глядзячы на тое, што эканамічная сітуацыя на Ўкраіне таксама вельмі складаная.
Гутарку вёў Вітольд НЯЎРЫДА



