Ігар Каваленка: ГА "Кропля жыцьця", ганаровы донар РБ

“Нас пужай не пужай, але нічога не атрымаеецца й са сваёй сьцежцы мы ня зьвернем”

Чаму я ў апазыцыі да сучаснай улады?

Я сучасны чалавек. Я гляджу тэлебачаньне, але не БТ. Я атрымоўваю інфармацыю з розных крыніцаў і ўмею думаць і супастаўляць факты. Я бачу, што наша сяньняшняя ўлада – гэта людзі, якіх паставілі толькі дзеля таго, каб выконваць рашэньні, якія спускаюцца ім зьверху, зь Менску.

Я цьвёрда стаю на зямлі, размаўляю зь людзьмі, якія жывуць побач са мной, слухаю іх, але пакуль не знаходжу адказа на пытаньне: ”Што ўлада робіць дзеля таго, каб палепшыць жыцьцё грамадзянаў?” Я магу сказаць, што ўлада пра простага грамадзяніна не думае, бо ёй ён проста не патрэбны.  Гэта як донар для дзяржавы: кроў высмакталі й выкінулі! Таксам і грамадзяне: заплацілі падаткі й больш яны дзяржаве не патрэбныя.

Я вырашыў, што маё месца сярод простых грамадзянаў гораду й таму я воляй лёсу апынуўся ў апазыцыі да сучаснай дзяржавы. Я разам з народам, бо я такі самы як і народ і мяне турбуюць тыя жа самыя пытаньні.

Ці адчуваецца ціск з боку ўлады?

Спачатку мы (донары) адчувалі ціск. Гэта адчувалася калі мы дасылалі лісты ў парлямант, пісалі прэм’ер-міністру Сідорскаму, калі рыхтавалі папяраджальны страйк донараў плязмы й крыві. Нам тэлефанавалі, пагражалі, пужалі, але нічога супрацьзаконнага мы не робім. Нас пужай не пужай, але нічога не атрымаеецца й са сваёй сьцежцы мы ня зьвернем, бо разам мы сіла. На сучасны момант ніякага ціску няма.

З чаго ўсё пачыналася?

Аднойчы я прачнуўся й зразумеў, што немагчыма так болей жыць. Пытаньне донараў паўстала тады, калі кіраўніцтва краіны вырашыла скасаваць ільготы донарам. Мяне гэта вельмі моцна закрынула, бо на працягу 10 год я здаваў сваю кроў і тым самым выратоўваў жыцьці іншых людзей, не задумваючыся аб тым хто гэтыя людзі. Можа быць гэта былі чыноўнікі, КДБісты, міліцыянты, ці іншыя, але я не думаў пра гэта. Для мяне вельмі важны сам чалавек і для мяне не мае значэньне хто ён. Другое пытаньне, якое я стаўлю для сябе: "Якія яны? Якую карысьць яны нясуць людзям?"
Я пачаў вывучаць донарскую тэматыку і законы якія былі зьвязаныя зь ёй. Разам са сваімі паплеснікамі мы пачалі адстойваць свае правы не на паперы, а на справе, праводзячы донарскія страйкі і г.д.

Гутарку вёў Вітольд Няўрыда