Барыс Бухель: Я не магу ставіць на кульгавага каня!

Барыс Бухель, праваабаронца, старшыня праўленьня Магілёўскага праваабарончага цэнтру

Чаму я апазыцыянэр?
Усё пачалося ў 1994 годзе з выступу прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, калі ён заявіў што за паўгады запусьціць заводы. Тут я адразу стаў яму ў апазыцыю, бо як інжынер і прафсаюзны дзеяч вельмі ўзмуціўся ягоным выказваньнем, бо валодаў сытуацыяй і перастаў яму верыць.

Акрамя гэтага я вельмі сур’ёзна стаўлюся да навукі. Нас вучылі, што перамагае той грамадзка-палітычны лад, які забясьпечвае найбольшую вытворчасьць труда. У параўнаньні з Захадам у нас вытворчасьць труда менш у 10-18 разоў, а энэргазатраты большыя ў 4-4,5 разы. Наша сыстэма не ў стане забясьпечыць высокую вытворчасьць труда й вымушана пастаянна вырабляць брак. Часам узьнікае пытаньне: чаму людзі на Захадзе жывуць лепей чым мы? Уся прычына ў неэфэктыўнасьці й подласьці нашай улады. Я не люблю калі зь мяне робяць дурака. Калі фальсіфікуюцца выбары й народнымі абраньнікамі становяцца не тыя каго абраў народ.
Як можна падтрымліваць уладу дзе прэзыдэнт дае загад скрасьці лекала для пашыву адзеньня, а не распрацаваць свае?

Наколькі цяжка ўвесь час быць пад ціскам?

Цяжка. Але яшчэ ў мяне й характар такі. На дзяржаўную службу мяне ўжо больш не возьмуць. Гэта як са старшынёй польскай “Салідарнасьці” Беластоцкага ваяводзтва Войцехам, які на адным з адукацыйных семінараў казаў, што яго ні возьмуць ні на адно прадпрыемства ў Польшчы, бо як толькі ён там зьявіцца, на ім праз тры гадзіны рабочыя пачнуць страйкаваць. Уладкавацца на працу ў Магілёве немагчыма. Колькі разоў спрабаваў, але ўсё марна. Браў напраўленьні на работу з Магілёўскага цэнтру занятасьці, але па любой прычыне мне адмаўлялі.

З чаго ўсё пачыналася?

На пачатку 90-х гадоў я пачаў займацца прафсаюзнай дзейнасьцю. Гэта быў яшчэ час Савецкага Саюзу калі адбылося першае Паўлаўскае павышэньне цэнаў. У той час упершыню ў Менску пачаліся масавыя выступы рабочых. Ствараліся першыя стачкамы, але на той момант я ў іх яшчэ не ўваходзіў. Недзе ў 1991 годзе на Магілёўскім аўтазаводзе імя Кірава ўсіх ІТРаўцаў вырашылі адправіць у вымушаны адпачынак. Тады я й яшчэ два інжынеры арганізавалі страйк наадварот. Мы вывялі людзей на працу, ў той час, як нас усіх хацелі адправіць на вымушаны адпачынак без аплаты. Мы дамагліся таго, што гэты загад быў адменены. Пазьней, дзейнасьць заводу была прыпынена на адзін месяц і рабочыя з усіх цэхаў прыйшлі да мяне з просьбай ачоліць рабочы камітэт заводу. Я згадзіўся й таксама ўвайшоў у склад гарадзкога рабочага камітэту. Далей пачалі стварацца Свабодныя прафсаюзы. У Магілёве першы Свабодны прафсаюз узнік па ініцыятыве цяпер ужо нябожчыка Сяргея Абадоўскага. Ён працаваў у радыёмайстэрнях і вывеў усіх рабочых на страйк і такім чынам прымусіў дырэктара здацца й падпісаць выгадную для рабочых калектыўную дамову.
Мы, прадстаўнікі розных заводаў, збіраліся й дзяліліся сваім досьведам, удзельнічалі ў розных адукацыйных мерапрыемствах.

У 1993 годзе на Магілёўскім аўтазаводзе імя Кірава мы заснавалі свой Свабодны прафсаюз. Спачатку ў яго склад уваходзіла ўсяго сем чалавек. Пазьней ён разросься да 400. Першым старшынёй Свабоднага прафсаюзу на заводзе быў я. Праз паўтары гады мяне зьмянілі. Далей мне было вельмі складана працаваць, бо я працаваў інжынерам-канструктарам і каля майго кульмана ўвесь час знаходзіліся людзі, што вельмі перашкаджала маёй працы. Акрамя гэтага я пастаянна ўдзельнічаў у розных судах, пасяджэньнях, сходах, паездках, адукацыйных семінарах як у Беларусі так і за мяжой, што вельмі не падабалася майму начальству. У 2000 годзе мяне звольнілі з працы, бо на заводзе пастаянна адбываліся мітынгі й страйкі, за што мяне да гэтага неаднойчы спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці. Мяне звольнілі з-за таго што было вельмі моцна зьменена заканадаўства ў дачыненьні да прафсаюзаў, дзе яны павінны былі ўжо мець сьпецыяльную юрыдычную адрэсу на прадпрыемстве ў якой нам было адмоўлена. Звольнілі мяне за сыстэматычныя невыкананьне службовых абавязкаў. Частку абвінавачваньняў, якія мне высоўваліся наймальнікам у судзе, мне давялося даказаць незаконнымі, бо тэхнічнае заданьне, якое мне выдалі зрабіць у тэрмін 2-3 месяцы было немагчыма выканаць за такі перыяд часу. Сьпецыяльная экспэртная камісія ўстанавіла што для яго выкананьня патрэбна 1,5 гады.

Тут такі момант: ты не выконваеш заданьне – цябе звальняюць, альбо ты выконваеш яго й робіш брак, за што могуць аддаць яшчэ й пад суд і пасадзіць. У 1997 годзе быў утвораны Магілёўскі праваабарончы цэнтар, дзе я быў адным з яго заснавальнікаў. На першым этапе дзейнасьці цэнтру я ачоліў Кантрольна-рэвізыйную камісію. Зараз я старшыня праўленьня Магілёўскага праваабарончага цэнтру.

Гутарку вёў Вітольд Няўрыда