Палітычны аўтарытарызм

Згодна статыстыцы Фрыдам-Хауз (Freedom-House) за 2006 год толькі 90 краінаў свету лічуцца свабоднымі. У іх пражывае 47% усяго насельніцтва планеты. Яшчэ 58 краінаў - часткова свабодныя, у іх пражывае 30% насельніцтва Зямлі і 45 краінаў не свабодныя, гэта 23% усяго насельніцтва планеты. Беларусь адносіцца да апошняй катэгорыі.   

Аўтарытарныя формы кіравання ў сучасным свеце вельмі распаўсюджаныя і таму яны, па розных прычынах, выклікаюць пэўны інтарэс для даследванняў. Гэтыя формы кіравання ўзнікаюць у выніку пераходу ад адной формы кіравання да другой. Яны таксама звязаныя з прыходам да ўлады прэзідэнта, які быў абраны народам у выніку свабодных выбараў. Аўтарытарнымі, альбо дыктатарскімі, становяцца дзяржавы ў выніку захопу ўлады групай людзей, ці пэўнай асобай і жаданнем ўтрымаць яе і г.д. Яскрава аўтарытарызм праяўляецца і ў сучаснай Беларусі.

 

Панятак “аўтарытарызм” можна выкарыстоўваць у якасці агульнага тэрміна для цэлай серыі палітычных рэжымаў такіх як аўтакратыя, тыранія, сатрапія, дыктатура, абсалютызм, банапартызм, дэспатызм, ваеннае кіраванне, хунта, алігархія, “палітычны басізм”, тэакратыя і нават гангстэрства.

  

Гісторыя яго ўзнікнення

Сваімі гістарычнымі каранямі аўтарытарызм сягае ў часы старажытнай Грэцыі. Зразумела, што на той момант таго паняцця, якое адпавядае гэтаму слову ў сучаснасці, яшчэ не існавала, але былі закладзены асновы, дзякуючы якім гэтае паняцце з’явілася праз вялікі перыяд часу. Першым, хто звярнуў на яго ўвагу, быў славуты філосаф антычнасці Платон, які ў сваёй працы “Дзяржава” аналізаваў і апісаў розныя дзяржаўныя формы кіравання. Платон распрацаваў універсальную формулу, адпаведна якой адбываецца змена форм кіравання. На змену алігархіі прыходзіць дэмакратыя, а на змену дэмакратыі – тыранія. Платон разглядаў тыранію, як вынік хваробы дэмакратыі. 

Асновы аўтарытарызма

Само слова аўтарытарызм паходзіць ад лацінскага autoriatas, што азначае уладу, уплыў і характарызуецца рэжымам асабістай улады, дыктатарскімі мэтадамі кіравання. Х. Лінц даў вызначэнне аўтарытарызму, адпаведна якому яму ўласцівы наступныя прыкметы: традыцыяналізм, абмежаваны плюралізм і палітычная апатыя насельніцтва. С.Хантынгтон адзначае, што адзінае што аб’ядноўвае ўсе аўтарытарныя рэжымы - гэта адсутнасць, уласцівая дэмакратыям, працэдуры выбараў. Ва ўсім астатнім, на яго думку, яны маюць мала чаго агульнага.

 

Вельмі часта аўтарытарныя рэжымы вызначаюць як рэжымы, якія кіруюцца сілай. Сэнс гэтага кіравання заключаецца ў канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго альбо некалькіх лідэраў, якія не аддаюць частку сваёй увагі на дасягненне грамадскай згоды, адносна легетымнасці іх улады. Таму ў чыстым выглядзе аўтарытарызм можа атаесамляцца з выкарыстоўваннем інструментаў прымусу і гвалту. Армія, паліцыя, турмы і канцэнтрацыйныя лагеры выступаюць для рэжыма штодзённымі аргументамі ў якасці доказаў непахіснасці ягоных устоеў. Гэтым жа спосабам абгрунтоўваецца прэтэнзія на ўладу.

 

Аўтарытарныя рэжымы спрабуюць выкарыстаць дадатковыя сродкі стабілізацыі, абапіраючыся на традыцыю і харызму лідэра. Як паказвае вопыт, каштоўнасць традыцыяў, рэлігіёзнасць, культура аказваюцца ва ўмовах аўтарытарызму дастаткова моцнымі. У якасці прыкладаў можа выступаць Іспанія пры Франка, Партугалія пры Салазары, Аргентына пры Пероне. У параўнанні з таталітарызмам аўтарытарызм не вольны ў адпраўленні сваёй улады. У грамадстве захоўваюцца інстытуты, якія прадстаўляюць для рэжыму пагрозу: сям’я, род, царква, сацыяльны клас, гарадская і вясковая культура, сацыяльныя рухі і асацыяцыі. Іншымі словамі, застаецца патэнцыял для фармавання і дзейнасці апазіцыйных палітычных групаў.

 

Рой Макрыдзіс вылучыў універсальныя характарыстыкі, якія ўласцівы аўтарытарызму:

 

1) імкненне выключыць палітычную апазіцыю (калі такая існуе) з працэсаў артыкуляцыі палітычных пазіцый і прыняцця рашэнняў; 

2)      імкненне выкарыстаць сілу ў вырашэнні канфліктных сітуацый і адсутнасць дэмакратычных механізмаў кантролю за здзяйсненнем улады; 

3)      імкненне паставіць пад свой кантроль усе патэнцыйна апазіцыйныя грамадскія інстытуты – сям’ю, традыцыі, групы інтарэсаў, СМІ і інш.; 

4)      адносна слабая ўкаранёнасць улады ў грамадзтве і вынікаючае адсюль жаданне і, адначасова, няздольнасць рэжыму падпарадкаваць грамадства ўсеагульнаму кантролю; 

5)      перманентныя, але часцей за ўсё не вельмі выніковыя пошукі рэжымам новых крыніцаў улады (традыцыя і харызма лідэра) і новай, здольнай згуртаваць эліту і грамадства ідэалогіі; 

6)      адносная закрытасць кіруючай эліты, якая спалучаецца з наяўнасцю ўнутры яе рознагалоссяў і змагаючыхся за ўладу груповак.

 

Беларусь, Іран, Туркменістан – некалькі прыкладаў аўтарытарных рэжымаў

 

Скарыстоўваючыся ўніверсальнымі характарыстыкамі аўтарытарызма можна правесці параўнальны аналіз трох аўтарытарных краінаў: Беларусі, Ірана і Туркменістана. У Беларусі і Туркменістане аўтарытарныя рэжымы ўсталяваліся ў выніку распада Савецкага Саюзу, у Іране – у выніку ісламскай рэвалюцыі.

Іран і Туркменістан, у адрозненні ад Беларусі, маюць казачныя запасы прыродных рэсурсаў, нафты і газа. Гэта і з’яўляецца вялікай падтрымкай для дзеючых у гэтых краінах рэжымаў. Беларускі рэжым да гэтага часу існаваў выключна дзякуючы неафіцыйнай падтрымкі Расіі, якая пастаўляла краіне нафту і газ па ўнутрырасійскіх коштах, прадастаўляла свае рынкі для збыту беларускай прадукцыі, інвеставала грошы ў розныя сферы беларускай эканомікі.

Рэлігія таксама з’яўляецца адным з чыннікаў, пераважна культурніцкім, які ўплывае на дэмакратычныя працэсы. Гістарычна склалася так, што Іран і Туркменістан – гэта Азіяцкія краіны, якія спаведаюць іслам і не маюць папярэдніх дэмакратычных традыцыяў. Беларусь – гэта краіна пераважна праваслаўная, дзе рэлігія выступае ў адным звязку з дзяржавай і з’яўляецца яе апорай. Да моманту далучэння Беларускіх зямель да Расіі ў 1792 года краіна была на 80% уніяцкай (грэка-каталіцкай) і мела дэмакратычныя традыцыі на працягу больш 700 гадоў.  

 

Беларускія рэаліі

 

Цяперашняя нявызначанасць Беларусі са сваёй прыналежнасцю ці то да заходня-еўрапейскай цывілізацыі, ці то да славянскай, нізкі ўзровень нацыянальнай ідэнтыфікацыі, сегментацыя беларускага грамадства, памяць аб савецкім мінулым, дазваляюць сучаснаму рэжыму трымацца каля ўлады.

Беларускі рэжым характарызуеца высокай ступенью легетымнасці, пра што сведчаць і вынікі незалежных апытанняў пад час прэзідэнцкіх выбараў 2001 і 2006 гг. Беларускі рэжым – гэта рэжым асабістай улады, які трымаецца на аўтарытэце, харызме і праваслаўнай традыцыі беларускага народа.

Крыніцай адноснай стабільнасьці рэжыму з’яўляецца адсутнасць моцнай апазіцыі. Для падтрымкі рэжыму, яго апраўдання і легітымацыі, выкарыстоўваецца ідэалогія. Назіраюцца спробы стварыць прапрэзідэнцкую партыю “Белая Русь”, якая бы разам, напрыклад, з канструктыўнай апазіцыйнай ліберал-дэмакратычнай партыяй дзяліла парламент.

 

Беларускі рэжым, як і пры таталітарызме, выкарыстоўвае апарат прымусу, які ў першаю чаргу з’яўляецца сродкам для дасягнення мэты. Гэта праяўляецца ў пераследзе грамадскіх і апазіцыйных лідэраў, разгонах мітынгаў і акцый пратэста, наяўнасцю ў краіне палітычных вязняў, знікненню лідэраў апазіцыі і загадкавых забойсвах некаторых журналістаў, закрыцці незалежных СМІ.

 

У Беларусі Канстытуцыя, Правы чалавека і грамадзяніна носяць, ненарматыўны характар. Аўтарытарнае кіраванне вядзець да таго, што асноўныя правы і нормы канстытуцыйнай дзяржавы парушаюцца тады, калі ў гэтым ёсць палітычная неабходнасць, незалежна ад таго, прызнае альбо не прызнае дзяржава звязанай сябе гэтымі нормамі.

 

Прыклад Рэйха Нямеччыны дэманструе, што пры аўтарытарызме можа быць нарматыўная канстытуцыя. Дамінуючымі рысамі палітычнай культуры ў гэтым выпадку становіцца антыдэмакратычнае стаўленне да палітыкі і экстрымальны прававы пазітывізм.

 

Вітольд Няўрыда