“Гэтая ўлада зьняважае й абражае ўсе мае пачуцьці й прынцыпы, якіх я прытрымліваюся”.
Ці лічыш ты сябе апазыцыянэрам?
Я не лічу што я ў апазыцыі, бо ў нармальным паразуменьні ў нас апазыцыі проста няма. Апазыцыя – гэта частка грамадзтва, а часьцей за ўсё гэта частка палітыкаў у дзяржаве, якія ня згодны з курсам, які праводзіцца кіруючай часткай гэтай дзяржавы й прапануе свой погляд на вырашэньне розных праблемаў, які адрозны ад поглядаў пануючай партыі ці кааліцыі. Вось гэта зьяўляецца клясычным паразуменьнем слова апазыцыя.
Я заўсёды кажу, што я прадстаўнік дэмакратычных сілаў, а не апазыцыі. Нажаль у нашай дзяржавы такія паняткі як парлямэнт, парлямэнтарызм, апазыцыя маюць зусім іншы сэнс, які павінен быць у арыгінале.
У чым тваё разыходжаньне з дзяржаўным курсам?
Я незгаджаюся з гэтай уладай, бо яна зьняважае й абражае мае пачуцьці й усе тыя прынцыпы, якіх я прытрымліваюся. Я маю на ўвазе жыцьцёвыя й палітычныя прынцыпы.
Першым маім прынцыпам зьяўляецца незалежнасьць Беларусі. Мы ведаем, што Аляксандар Лукашэнка працягвае палітыку інтэграцыі з Расеяй і натуральна мае ў гэтым свае хітрыя інтарэсы. На сёньня мы ведаем да чаго прывяла гэтая інтэграцыйная палітыка. У 2002 годзе Уладзімер Пуцін сказаў, што Беларусь павінна ўступіць у Расею й толькі тады яна здолее атрымаць танныя нафту й газ і расейскі рынак будзе адкрыты для нашых тавараў. Адной з праблемаў сучаснай беларускай эканомікі зьяўляецца вось гэты інтэграцыйны курс.
Другое што мяне не задавальняе – гэта антынацыянальная палітыка. Гэта зьнявага ўсяго беларускага, непавага да нацыянальных сымбаляў, культуры, мовы, традыцыяў. На словах, канешне, гучыць павага да ўсяго гэтага, але, насамрэч, мы ведаем, што сымбалі нашай дзяржавы савецкія, мова фактычна вынішчана й выгнана з грамадзкага й палітычнага сэктараў. Я ня бачу яе не ў дзяржаўнай прэсе, не чую яе ў дзяржаўных судах, органах улады, тэлебачаньні й радыё. Гісторыя нашай дзяржавы, у сучаснай улады, пачынаецца з 1917 года, а яшчэ лепей з 1994 года. А ўсё што было за часамі Полацкага княства, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай не існуе як гісторыя для сучаснай улады. Існуюць толькі некаторыя моманты, якія вельмі моцна скажаны.
Трэці момант – гэта правядзеньне эканамічнай палітыкі, якую я адношу да нэасавецкай, нэасацыялістычнай, якая прыкрываецца толькі папулісцкімі лёзунгамі. На справе яна ўвабрала ў сябе ўсё самае найгоршае ад дзікунскага капіталізму й камуністычнага сацыялізму. Я маю на ўвазе разьмеркаваньне, кантроль, дамінаваньне дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы. У рэаліі жа ўсім гэтым багацьцем распараджаецца толькі невялікая купка чынавенства й тых каго яны “крышуюць”. У выніку толькі ім дазволена займацца дробным і сярэднім бізнесам у краіне. Наша ўлада ня шчырая й безадказная. Яна ня ведае межаў. Ёсьць сотні прыкладаў. Калі спадарыня Жураўкова скрала некалькі мільёнаў даляраў, следства гэта ўстанавіла, але яна не была за гэтае пакараная. У той жа самы момант, маладых людзей, за прыналежнасьць да незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў саджаюць у турмы на два гады.
Чацьвёрты момант – гэта момант палітычны. У краіны няма рэальнага парляманту, свабоды слова, рэальнага мясцовага самакіраваньня. Усе нязгодныя адначасна запісваюцца ў ворагі народа, дэскрыдэтуюцца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.
Вось з-за гэтых чатырох пунктаў я лічу сябе праціўнікам сучаснай дзяржаўнай улады.
З чаго ўсё пачыналася?
Усё пачыналася яшчэ падчас маёй службы ў войску. Я служыў у Эстоніі, у Таліне, у гады перабудовы. Там усе дэмакратычныя працэсы ішлі значна хутчэй чым у Беларусі. Там я атрымаў першы прышчэп дэмакратыі. Потым быў перапынак, які быў зьвязаны з маёй вучобай у інстутуце. Першы раз я сур’ёзна пачаў удзельнічаць у палітычнай кампаніі падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 1994 годзе. Я быў валантэрам у штабе Зянона Пазьняка. Наступны мой дотык да палітыкі адбыўся ў 1996 годзе, калі пачаліся інтэграцыйныя працэсы з Расеяй. На той момант я прыйшоў у арганізацыю, якая мне падавалася найбольш моцна бароніць прынцыпы сувярэнітэту Беларусі. Я маю на ўвазе Беларускі Народны Фронт. З того часу я пачаў сур’ёзна займацца палітыкай.
Ці адчуваецца ціск з боку ўлады й у чым ён праяўляецца?
Ціск адбываецца падчас розных выбарчых камапаній. Гэта прыход да цябе й тваіх суседзяў людзей у цывільным, роспыты ўчастковага ў суседзяў аб тым чым займаюся, з кім жыву, хто такі, хто да мяне прыходзе? Затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі каля 20 разоў за раздачу рознага агітацыйнага матарыялу, агітацыю й гэтак далей.
Яшчэ адчуваецца перашкода ў тым, што я не магу нармальна рэалізаваць сябе ў гэтым грамадзтве. Па сваёй другой адукацыі, пры гэтай уладзе, я ніколі не здолею стаць дзяржаўным службоўцам у гэтай сыстэме. Хацелася б паспрабаваць сябе на гэтым полі дзейнасьці.
Мне абмяжоўваюць мае правы на атрыманьне аб’ектыўнай інфармацыі.
Мы адзіная краіна Эўропы, у якой неабходна атрымаць дазвол на выезд за яе межы. Я маю на ўвазе штамп у пашпарце, які дазваляе табе пакінуць нашу краіну.
Гутарку вёў Вітольд Няўрыда



