Прыклад такога саюзу, як Саюз Беларусі й Расеі вядомы гісторыі. Гэта Саюз Ірляндыі й Англіі, альбо іншымі словамі гэта працэс разыходжаньне дзяржаваў праз штучны саюз, дзе менш слабая ў эканамічным пляне дзяржава, дзякуючы палітычнай гульне, здабывае сваю незалежнасьць і ўсё больш і больш аддаляецца ад “сіські” больш эканамічна разьвітой дзяржавы, шукаючы новых партнэраў і будуючы сваю ўласную эканоміку, менш залежную ад саюзніка. Час ідзе. Мяняецца ўсё.
Чым далей мы адыходзім ад 27 ліпеня 1990 года – даты абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, тым гэтая незалежнасьць падаецца ўсё больш і больш рэальнай. За гэты час здолела вырасьці цэлае пакаленьне маладых беларусаў, якія толькі й чулі аб тым што калісьці існавала БССР, якая ўваходзіла ў склада Савецкага Зьвязу. Воляй лёсу апошняму пакаленьню маладых беларусаў не давялося адчуць што азначае быць савецкім чалавекам і быць народжаным у БССР.
У параўнаньні з часамі Савецкага Зьвязу Беларусь стала значна свабодней ды незалежней. Як не дзіўна, але менавіта Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца гарантам незалежнасьці сучаснай Беларусі. Гульні з Расеяй у Саюзную дзяржаву носяць хіба што толькі палітычны характар. Гэта свайго роду шанец дзе пры спрыяльных умовах Аляксандар Лукашэнка можа прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта Саюзнай дзяржавы, але гэта так цьмяна ды безпэрспэктыўна што застаецца толькі нейкай марай ці ўтопіяй, бо ў Расеі значна больш сваіх розных палітычных сілаў ды эканамічных групаў якія маюць большыя магчымасцьці й карыстаюцца большай папулярнасьцю ў мясцовага насельніцтва. Прамяняць жа сваю ўладу на нейкую мройную пэрспэктыву ачоліць Саюзную дзяржаву й здаць Беларусь Расеі выглядае глупстам, бо прэзыдэнт, як і сфармаваўшаяся беларуская вэртыкаль ды намэнклятура згубяць ільвіную частку сваёй улады й ўжо не будуць панамі на гэтай тэрыторыі.
Праект Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расеі зьяўляецца пректам разыходжаньня дзьвух дзяржаваў. Гэты праект у першаю чаргу карысны Беларусі, бо для краіны застаюцца Расейскія рынкі збыту беларускіх тавараў. Для Расеі гэта выгадна ў палітычным пляне, бо Беларусь для яе – гэта адзіны саюзнік, якія ўвесь час лямантуе пра гэта. Прыклад разыходжаньня праз саюз ужо вядомы гісторыі. Гэта так званы саюз Ірляндыі ды Англіі. У першай чвэрці ХХ стагодзя ён быў неабходны толькі дзеля эканамічнай падтрымкі Ірляндыі.
Калі на сьвет зьяўляецца новая дзяржава, то спачатку ёй вельмі складана быць рэальна незалежнай, бо застаюцца старыя эканамічныя сувязі якія даюць магчымасьць існаваць краіне на першым этапе і дзеля гэтага патрэбны нейкія палітычныя саюзы. Далей – усталёўваюцца новыя стасункі з іншымі краінамі, мадэрнізуецца вытворчасьць, прыцягваюцца інвестыцыі, эканамічная залежнасьць паступова зьніжаецца. А калі эканамічная залежнасьць становіцца не дамінуючай і з кожным годам яна ўсё менш істотнай (як у Беларусі) то палітычныя Саюзы губляюць сваю моц і краіна пачынае станавіцца самастойным палітыным актарам. Разыходжаньне Беларусі ад Расеі з кожным годам усё больш і больш відавочнае. Доля эканамічнай залежнасьць ужо менш 50% і складае каля 45%. Кошты на газ для саюзнай Беларусі паступова набліжаюцца да сусьветных.
2 красавіка – Дзень яднаньня Беларусі й Расеі вызывае толькі ўсмешку ў беларусаў, зьяўляецца непапулярным і мала каму вядомым сьвятам. Палітычных зьменаў у жыцьці краіны з нагоды канчатковага аб’яднаньня не назіраецца. Прарасейскай апазыцыі на Беларусі проста не існуе. А такая арганізацыя як “РНЕ” – Русское Народное Единство – мае ўсяго пару дзесяткаў адмарозкаў на ўсю Беларусь і славіцца толькі надпісамі на заборах. Беларускі палітычны праект стаіць на пазыцыях незалежнасьці й паступова збліжаецца з апазыцыйным праектам беларускай апазыцыі. Зразумела што толькі са сваімі асаблівасьцямі. Замест “Жыве Беларусь!” ён скарыстоўвае лёзунг “Квітней Беларусь!”, пачынае зьвяртаць увагу на розныя знакавыя даты беларускай гісторыі такія як, напрыклад, сьвята 25 сакавіка 1918 года (Дзень аб’вяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі), якое ў гэтым годзе афіцыйна сьвяткавалася на дзяржаўным узроўні, усё больш дзяржава зьвяртае ўвагу на беларускую мову й дзе-нідзе пачынае ўжываць яе. Але гэта яшчэ не свабода й не перамога беларускага нацыянальнага праекту.
Перасьлед апазыцыйных лідэраў ды актывістаў, закрыцьцё незалежных выданьняў, накаты на незалежныя прафсаюзы й увядзеньне кантрактнай сыстэмы, хлусьлівая ідэялёгія, наступы на свабодны прыватны бізнес і адмова ад прыватызацыі прадпрыемстваў, міліцыянізацыя краіны й несвабодныя выбары тармозюць разьвіцьцё краіны.
Гіпатэтычна можна прадказаць тры сцэнары разьвіцьця далейшых падзеяў на Беларусі:
1 – гэта базавы сцэнар, адпаведна якому сытуацыя будзе заставацца на такім жа самым узроўні й адтэрміноўвацца наколькі гэта магчыма, хаця з мэтай захаваньня склаўшагася становішча ўрад будзе йсьць на невялікія саступкі ў розных галінах і сфэрах жыцьцядзеяньня;
2 – гэта лібералізацыя, прыняцьце Эўрапейскіх каштоўнасьцяў, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, стварэньне свабодных рынкаў і спрыяльных умоваў для інвестыцыяў, допуск прадстаўнікоў апазыцыі да ўдзелу ў кіраваньні краінай, правядзеньне свабодных выбараў і адпавяданьне нормам правоў чалавека;
3 – гэта замыканьне краіны па прыкладу Савецкага Зьвязу ці цяперашняй Паўночнай Карэі з усталяваньнем татальнай дыктатуры над усімі сфэрамі жыцьцядзеяньня.
Час пакажа які са сцэнараў мусіць рэалізавацца, але зыходзячы з сытуацыі больш верагодным падаецца першы сцэнар. На дальнаглядзе бачны другі, які значна паскорыць сваё існаваньне пры прыходзе да ўлады дэмакратычнай апазыцыі альбо ліберальных прадстаўнікоў намэнклятуры.
З усяго гэтага вынікае што Беларусь – гэта краіна, якая сфармавалася як самастойная дзяржава й хутка адзначыць сваё паўнагоддзе. Галоўнай справай на сучасным этапе зьяўляецца навядзеньне парадку ў галаве гэтага яшчэ падлетку й здольнасьці выхаваць у ім нармальныя эталоны маралі дзе над усім бы стаяў закон ды парадак, а не інфанцільныя спантанныя жаданьні й хранічная боязь і неўспрыманьне пастаянна разьвіваючагася й мяняючагася грамадзтва, боязь назаўсёды адмовіцца ад савецкага мінулага й выйсьці са складу псэўдазьвязу й пачаць рэалізовываць беларускі нацыянальны праект.
Вітольд Няўрыда



