120 год з дня нараджэння Цішкі Гартнага

У Магілёве ўшанавалі памяць Цішкі Гартнага. У Пячэрскім лесапарку, каля памятнага крыжа беларускаму пісьменніку, адбыўся невялікі мітынг-рэквіем, у якім прыняла ўдзел каля 15 чалавек, пераважана грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны. Перад сабраўшыміся выступіў старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Дзьячкоў, які распавёў пра трагічны жыццёвы лёс  дзяржаўнага беларускага дзеяча і пісьменніка. 

Як адзначыў Зьміцер Салаўёў, сябра Сойму БНФ: “Цішка Гартны – гэта гістарычная асоба, якая ўвайшла ў гісторыю нашай дзяржавы. Гэта, можна сказаць, першы прэзідэнт прызнанай Беларусі, які зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленні тагачаснай Беларусі, папярэдніцы сучаснай незалежнай краіны”.  

 Трэба адзначыць, што Цішка Гартны – гэта псеўданім. Сапраўднае імя пісьменніка, грамадскага і дзяржаўнага дзеяча Зміцер Жылуновіч.Цішка Гартны нарадзіўся ў мястэчку Капыль Слуцкага павета Менскай губерніі ў 1887 годзе. Удзельнічаў у рэвалюцыі 1905-07. Працаваў рамесьнікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне, на заводзе ў Пецярбургу. Упершыню пачаў друкавацца ў 1908 на старонках газеты «Наша ніва». Першая яго кніга «Piesni» выйшла ў 1913.Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з (…) нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі».  

Арыштаваны 15.11.1936.7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню, дзе і памёр (паводле афіцыйнай вэрсіі ад гангрэны лёгкіх; паводле іншых зьвестак -- скончыў жыцьцё самагубствам). Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахаваньня 11.4.1989 устаноўлены помнік. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987. Яго імем названыя вуліцы ў Менску, Капылі. 

 У сваю чаргу сябры Магілёўскай арганізацыі Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) замовілі літургію памяці Цішкі Гартнага, якая адбудзецца ў сераду, 7 лістапада, у грэка-каталіцкай Царкве іконы Маці Божай Бялыніцкай.  

Нагадаем, што ў красавіку гэтага года споўнілася 70 год з дня смерці Цішкі Гартнага. 

Ян Чыгірдот