Страйк прадпрымальнікаў Магілёва 19 сьнежня 2007 года

У Магілёве акцыю пратэсту прадпрымальнікаў падтрымалі ў большасьці гандлёвых цэнтраў.

Непрынялі ўдзел у акцыі пратэсту ўладальнікі маршрутных таксі й тыя, хто здолеў перарэгістравацца ў Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства (ПУП).

У гандлёвых цэнтрах «Максімус», «Магніт», «Аліса», «БУМ», «Панарама» пачынаючы з самага адкрыцьця на гандлёвых месцах зьявіліся шыльдачкі «Тэхнічны перапынак» і «пераўлік», на некаторых нават было пазначана: «Тэхнічны перапынак з 9.00 па 20.00». Пры гэтым большасьць гаспадароў і прадаўцоў знаходзілася на працоўных месцах.

ГЦ «Максімус» страйкаваў цалкам, у ГЦ «Магніт» было адчынена ня больш за 5 кропак на ўсіх паверхах. Як паведамілі «Нашаму Магілёву» ахоўнікі ГЦ «Аліса», прадпрымальнікі прыйшлі на працу з самага ранку, зачынілі свае кропкі на пераўлік і ўжо а 15-й гадзіне разыйшліся па дамах.

-    Прычына нашых дзеяньняў – рабаўнічы загад прэзідэнта, - распавядае ўладальніца гандлёвай кропкі ў «Максімусе», - З новага году, прадпрымальнікі ня маюць права мець наёмных працоўных, фактычна – гэта канец бізнэсу. Сёньня ў нас першы, папераджальны страйк. Калі не прыслухаюцца – з новага году мы аформім сабе адпачынак і ня будзем месяц сплачваць падаткі.

- Нас звальняюць з новага года, - паскардзілася прадавец «Магніту», якая знаходзілася пад час страйку на працоўным месцы, - Пра гэтае гаспадар нас афіцыйна папярэдзіў. Мы ня бачым у гэтым віны нашых наймальнікаў, бо ведаем, што рыба гніе з галавы.

На пытаньне, што будуць рабіць прадпрымальнікі, калі й пасьля месяца страйку нічога ня зьменіцца, прадпрымальнікі адзінагалосна адказвалі: «Там паглядзім...». Як варыянты, яны разглядаюць перанос бізнэсу ў Расею, альбо працу ў гэтай жа краіне на правах гастарбайтэраў.

Такім чынам, Магілёў стаіць перад пагрозай страты свайго дробнага й сярэдняга прадпрымальніцтва. На вуліцы апынуцца тысяч наёмных працоўных. А капітал пойдзе ў суседнюю краіну.

Гэта сьмех скрозь сьлёзы, але ў сувязі з сваім закрыцьцём прадпрымальнікі падрыхтавалі прыемны сюрпрыз магілёцаў: зараз у большасьці гандлёвых цэнтрах пачаліся разпродажы – зьніжкі да 30 %. Як сказалі самі ўладальнікі гандлёвых кропак, 30 і 31 сьнежна зьніжкі дасягнуць 50 – 70 %:

-    Мы будзем закрывацца, таму разпрадаемся!

Ці будзе дзе набыць якасную й прыстойную вопратку у Магілёве пасьля Новага году?...

Андрэй Воўкаў